СВАБО́ДА ПАЛІТЫ́ЧНАЯ,

у паліталогіі натуральная, неадчужальная ад чалавека і сац. супольнасцей людзей якасць, якая дазваляе ім выказваць свае думкі і дзейнічаць у адпаведнасці з прававымі нормамі і інтарэсамі накіраванасці на стабілізацыю, парадак у палітыка-ўладных адносінах дзяржавы і грамадства. Складаюць неад’емную частку міжнар. прызнаных правоў чалавека. С.п. замацаваны ў канстытуцыях, інш. законах і прававых нормах дэмакр. дзяржаў. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацаваны свабода поглядаў, перакананняў і іх выказвання; права на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных дэманстрацый і пікетавання; права на ўдзел у вырашэнні дзярж. спраў як непасрэдна, так і праз сваіх прадстаўнікоў і г.д. (гл. Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь). Адной з гал. умоў практычнага ажыццяўлення С.п. з’яўляецца фарміраванне ў кожнага чалавека культуры свабоды, г. зн. культуры паліт. выбару, культуры кампрамісу, разумення магчымасці і правамернасці канкрэтна-ўсвядомленых дзеянняў у той ці інш. сітуацыі.

т. 14, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)